Чытаннi дня

ХVI Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
                                                                                       Мдр 12, 13. 16–19
Даў надзею навяртання пасля грахоў

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Апроч Цябе няма Бога, які клапоціцца аб усім,
таму Ты не павінен даказваць, што судзіш справядліва.
Твая моц — гэта пачатак справядлівасці,
і Тваё панаванне над усім робіць Цябе ласкавым.
Ты паказваеш магутнасць,
калі не вераць у дасканаласць Тваёй моцы,
і выкрываеш дзёрзкасць тых, хто яе ўсведамляе.
Ты ж, маючы ўладу, у ласкавасці судзіш
і вельмі далікатна кіруеш намі,
калі Ты пажадаеш, маеш моц.
Такімі справамі Ты навучыў народ свой,
што справядлівы павінен быць ласкавым,
і даў сваім сынам добрую надзею
навяртання пасля грахоў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

                                                                               Пс 86 (85), 5–6. 9–10. 15–16а (Р.: пар. 5а)
Рэфрэн: Пане, Ты добры і міласэрны.

5. Ты, Пане, добры і выбачлівы, *
шматміласцівы да ўсіх, хто Цябе заклікае.
6. Пачуй, Пане, малітву маю, *
прыслухайся да голасу майго малення.

Рэфрэн:

9. Усе народы, створаныя Табою, †
прыйдуць і паклоняцца перад Тваім абліччам, Пане,*
і будуць праслаўляць імя Тваё.
10. Бо Ты вялікі і чыніш цуды, *
Ты — Бог, Ты адзіны.

Рэфрэн:

15. Але Ты, Пане, Бог міласэрны і ласкавы, *
шматміласцівы, доўгацярплівы і верны.
16. Паглядзі на мяне *
і змілуйся нада мною.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

                                                                                                      Рым 8, 26–27
Дух заступаецца за нас стагнаннямі нявымоўнымі

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але Сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
                                                                                      пар. Мц 11, 25
Благаслаўлёны Ты, Ойча, Пан неба і зямлі,
бо Ты адкрыў таямніцы Валадарства дзецям.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ
                                                                                     Мц 13, 24–30
Пакіньце расці разам тое і другое да жніва

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плод, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік. Ён жа сказаў ім: Вораг зрабіў гэта. А слугі сказалі яму: Хочаш мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў гумно маё.

Гэта слова Пана.

 

XVI Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
                                                                                                          Ер 23, 1–6
Збяру ацалелых авечак Маіх і пастаўлю над імі пастыраў

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Гора пастырам, якія губяць і рассейваюць авечак пашы Маёй! — кажа Пан. Таму так кажа Пан, Бог Ізраэля, пра пастыраў, якія пасвяць народ Мой: Вы рассеялі авечак Маіх і разагналі іх, і не клапаціліся пра іх. Вось Я пакараю вас за зло ўчынкаў вашых, — кажа Пан.

Я збяру ацалелых авечак Маіх з усіх земляў, у якія прагнаў іх, і вярну іх ў аўчарню іхнюю, і будуць пладзіцца і памнажацца. І пастаўлю над імі пастыраў, якія будуць пасвіць іх. І больш не будуць палохацца і баяцца, і ніхто не згубіцца, — кажа Пан.

Вось настануць дні, — кажа Пан, — і абуджу для Давіда Парастак справядлівы, і запануе Кароль, і будзе Ён мудрым, і будзе чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі. У дні Ягоныя збаўлены будзе Юда, а Ізраэль будзе жыць у бяспецы. І вось імя Ягонае, якім будуць называць Яго: Пан – наша справядлівасць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

                                                                                                  Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6 (Р.: 1)
Рэфрэн: Пан — пастыр мой, не буду мець нястачы.

3. Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы, *
4. Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне, *
3. Ён душу маю пажыўляе.

Рэфрэн:

Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *
дзеля Імя свайго.
4. Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, †
не буду баяцца зла, бо Ты са мною. *
Твой жэзл і Твой посах мяне суцяшаюць.

Рэфрэн:

5. Ты стол для мяне накрываеш *
на вачах маіх ворагаў;
намашчваеш галаву маю алеем, *
келіх мой перапоўнены.

Рэфрэн:

7. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

                                                                                           Эф 2, 13–18
Ён – мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Цяпер у Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста. Бо Ён — мір наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у Целе сваім. А закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе аднаго новага чалавека, усталёўваючы мір, і ў адным целе зноў прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасць. І, прыйшоўшы, Ён абвясціў мір вам, якія далёка, і мір тым, якія блізка. Бо праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
                                                                                                 Ян 10, 27
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ
                                                                                  Мк 6, 30–34
Яны былі як авечкі без пастыра

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны. І ўбачылі, што яны адплылі. І шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх вучыць многаму.

Гэта слова Пана.

 

XVI Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
                                                             Быц 18, 1–10а
Пане, не абмінай свайго слугі

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Аб’явіўся Пан Абрагаму каля дубоў Мамрэ, калі той сядзеў пры ўваходзе ў шацёр у час дзённай спякоты. Абрагам узняў вочы свае – вось тры мужы стаялі насупраць яго. Убачыўшы іх, ён пабег ад ўваходу ў шацёр насустрач ім і, пакланіўшыся да зямлі, сказаў: Пане, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, не абмінай свайго слугі. Прынясу крыху вады, і вы абмыйце свае ногі, і адпачніце пад гэтым дрэвам. Я ж прынясу трохі хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя, а потым пойдзеце, бо дзеля гэтага праходзіце каля слугі вашага. А яны сказалі: Зрабі так, як сказаў.

Абрагам паспяшыў у шацёр да Сары і сказаў: Хутчэй замясі тры саты лепшай мукі і зрабі ляпёшкі. Потым Абрагам пабег да статка і, выбраўшы тоўстае і прыгожае цяля, даў слузе, каб той хутка яго прыгатаваў. Затым узяў масла і малако, і прыгатаванае цяля і паставіў перад імі. Сам жа стаяў каля іх пад дрэвам. А яны елі.

І спыталі яго: Дзе твая жонка Сарра? Ён адказаў ім: Вось у шатры. Сказаў яму адзін з іх: Праз год у той самы час я вярнуся да цябе. А ў Сарры, жонкі тваёй, будзе сын.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

                                                                                       Пс 15 (14), 2–3a. 3bс–4ab. 5 (Р.: 1а)
Рэфрэн: Пане, хто можа жыць у Тваім шатры?

2. Той, хто паступае беззаганна*
і здзяйсняе справядлівасць,
і гаворыць праўду ў сэрцы сваім.*
3. Хто языком сваім не абмаўляе.

Рэфрэн:

Хто не чыніць бліжняму свайму зла,*
не ўзводзіць паклёп на свайго суседа,
4. хто з пагардаю глядзіць на злога, *
але хваліць тых, хто баіцца Пана.

Рэфрэн:

5. Хто срэбра сваё не дае на ліхвярства *
і не прымае подкупу супраць нявіннага.
Хто так чыніць,*
не пахіснецца ніколі.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

                                                                                                                   Клс 1, 24–28
Таямніца, схаваная ад вякоў, цяпер аб’явілася Ягоным святым

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:

Цяпер я радуюся за вас ў цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае Цела, якім ёсць Касцёл, слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб выканаць слова Божае, таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым. Ім захацеў Бог адкрыць сярод язычнікаў багацце славы таямніцы гэтай, якою ёсць Хрыстус сярод вас – надзея славы. Яго мы прапаведуем, настаўляючы кожнага чалавека і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

                                                                                                    пар. Лк 8, 15
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя, хто ў добрым і чыстым сэрцы
захоўвае Божае слова і прыносіць плён у цярплівасці.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ
                                                                                                          Лк 10, 38–42
Марта прыняла Яго. Марыя ж выбрала найлепшую частку

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Прыйшоў Езус у адну вёску. І жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра па імені Марыя, якая села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы. Марта ж была занятая многімі паслугамі. Яна, падышоўшы, сказала: Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне. 

Пан жа сказаў ёй у адказ: Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе.

Гэта слова Пана.

 

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ.
Тэксты лекцыянарыя ўзяты з сайта catholic.by
Чытаннi дня